«ЯНЫЧА́РСКАЯ МУ́ЗЫКА»,

назва ваеннага аркестра янычараў у 14—19 ст. Бытавала ў Еўропе ў 17—18 ст.

Тыповы янычарскі аркестр уключаў вял. барабан, барабанчыкі, 7 медных труб, 5 шалмеяў, 2 талеркі. Нягледзячы на рэзкае, крыклівае і пранізлівае гучанне ў 18 ст. «Я.м.» набыла значную папулярнасць: яна гучала ў час святочных і жалобных цырымоній, ваен. парадаў, суправаджала магнатаў у іх паездках. У рэпертуары розныя маршы «на выпадак» (вітальныя, жалобныя, паходныя), танц. музыка (мазуркі і інш.). Тэмбравыя і лада-рытмічныя асаблівасці, уласцівыя «Я.м.», адлюстраваны ў творах кампазітараў 18—19 ст. Л.​Бетховена, І.​Гайдна, К.​Глюка, А.​Грэтры, Г.​Малера, В.​А.​Моцарта і інш.

На Беларусі паяўленне «Я.м.» звязана з фарміраваннем у канцы 17 — пач. 18 ст. янычарскіх харугваў у войску ВКЛ. У 1740—60-я г. найб. вядомы аркестры «Я.м.» Радзівілаў у Нясвіжы і Гродне, у 1788 М.​К.​Агінскага ў Слоніме. У войску ВКЛ склад «Я.м.» вар’іраваўся па тыпах і колькасці духавых і ўдарных інструментаў (у 18 ст. ўключала 7 барабанаў, 2 тулумбасы, 2 талеркі, 6 сурмаў). Аркестр «Я.м.» Агінскага складаўся з 14 інструментаў. Капэла янычарскай харугвы Булавы Вялікай ВКЛ (Гродна, 1768) уключала 6 сурмаў, 3 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы капельмайстар М.​Арманкевіч, пам. капельмайстра Я.​Чмухоўскі, сурмачы А.​Апанасевіч, М.​Валадкевіч, Я.​Вярцінскі, Я.​Дзянкевіч, Т.​Сабалеўскі, барабаншчыкі П.​Андрушкевіч, А.​Герман, С.​Керповіч, Т.​Кісянскі, С.​Крыстыновіч, Т.​Чархановіч, на талерках А.​Альшэўскі, Я.​Васілеўскі, А.​Вішнеўскі, на тулумбасах Т.​Адамовіч, Я.​Папяніцкі, Я.​Кучынскі; капэла янычарскай харугвы Булавы Польнай ВКЛ (г. Высокае, 1764) — 5 сурмаў, 2 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы: капельмайстар А.​Лябудзеўскі, пам. капельмайстра П.​Шнуроўскі, сурмачы Я.​Бачкяноўскі, Ф.​Валадкевіч, С.​Кукіс, А.​Федаровіч, на талерках Е.​Карповіч, Ю.​Лебядзёўскі, на тулумбасах Ю.​Вазлюкевіч, Г.​Канічускі, А.​Мачыевіч, барабаншчыкі Ю.​Вайтулевіч, П.​Марун, М.​Рагоўскі, М.​Скірмунт, Т.​Янушкевіч).

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)